Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі

Рэцэнзіі на кнігі, прадмовы, зьместы

Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі

Паведамленне Admin » 15 жні 2009, 14:56

http://knihi.net/index.php?productID=245

Прадмова

Я ніколі ня жыў у Беларусі, толькі зрэдку, у летні час, наведваў бацькавых сваякоў на Браслаўшчыне і матчыных на Беласточчыне. З гэтай прычыны, па сутнасьці, ніколі ня меў магчымасьці канфрантаваць ідэалізаванае хатняе нацыянальна–арыентаванае выхаваньне зь беларускімі рэаліямі — у даваенныя дзіцячыя гады на гэта было зарана, а пазьней — амаль немагчыма. У гэтых адносінах нічога не давалі літоўскія і польскія школы, няшмат скарыстаў і з бацькавай бібліятэкі, якая згарэла падчас ваенных дзеяньняў у ліпені 1944 г. Усё ж ніколі не пакідала мяне жаданьне пазнаць мінуўшчыну і сучаснасьць Беларусі — сапраўднай радзімы маіх бацькоў, якая мне была ўжо толькі ўяўнай бацькаўшчынай.

У 1952 г. скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве, атрымаў дыплём магістра эканамічных навук і пачаў працаваць малодшым асыстэнтам на катэдры эканамічнай геаграфіі гэтай школы. Акрамя дыдактычных заняткаў, неабходна было акрэсьліць напрамак дасьледчыцкіх зацікаўленьняў і тэму будучай доктарскай дысэртацыі. З такой мэтай і згодна з профілем школы я заняўся вывучэньнем становішча сельскай гаспадаркі ў міжваенны пэрыяд ува ўсходняй і заходняй частках падзеленай Беларусі. Кожную вольную хвіліну працаваў у варшаўскіх бібліятэках, у якіх аказалася неспадзявана шмат афіцыйных савецкіх і польскіх публікацыяў па гэтым пытаньні. На іх падставе апрацаваў падрабязны статыстычны аналіз разьвіцьця сельскагаспадарчай вытворчасьці, параўноўваючы абедзьве часткі краіны, між іншым, паказаў яе рэгрэс у БССР як вынік праведзенай гвалтоўнай калектывізацыі.

Аднак у 1950–я гады, калі прыклад СССР быў асноўным канонам разьвіцьця сатэліцкіх краін, калі і ў іх ажыцьцяўлялася палітыка калектывізацыі сельскай гаспадаркі, такія мае досьледы ні ў якой меры не адпавядалі “адзінаправільным” ідэалягічным устаноўкам. Паводле іх, ня факты абумоўлівалі такія ці іншыя высновы, але наадварот — яны, факты, павінны былі служыць адпаведнай ілюстрацыяй загадзя акрэсьленых палітычна правільных тэзаў. З такім прынцыпам я не хацеў пагадзіцца і адмовіўся ад афіцыйнай навуковай кар’еры.

Неўзабаве ўзьніклі новыя пэрспэктывы і магчымасьці. На пачатку 1956 г. я атрымаў цікавую і свабодную ад ідэалягічных штампаў працу ў Польскай зьнешнегандлёвай палаце, у якой да пэнсіі займаўся вывучэньнем каньюнктуры міжнароднага рынку хімічных вырабаў. Выкананьне службовых задач у многім залежала ад маёй працавітасьці і спраўнасьці, таму можна было назапасіць час і прызначыць яго на свае дасьледчыцкія патрэбы. У гэтым самым годзе ў Польшчы было заснавана Беларускае грамадзка–культурнае таварыства, пачаў выходзіць у Беластоку штотыднёвік “Ніва”. Гэтая падзея ўзбудзіла маю зацікаўленасьць гісторыяй беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне, яго пачынальнікамі і дзеячамі. Аднак такія пытаньні ня ўкладваліся ў пляны працы катэдраў ці інстытутаў гісторыі, не адпавядалі яны і задачам БГКТ, таму давялося працаваць самастойна, безь нічыёй інсьпірацыі і фінансавай дапамогі, з марнай надзеяй на магчымасьць публікацыі дасьледчыцкіх вынікаў.

Гэтыя акалічнасьці, а таксама службовыя і хатнія заняткі не спынілі досьледаў. Пачынаючы зь першых 1960–х гадоў, я прысьвячаў нямала часу вывучэньню гісторыі беларускага школьніцтва, вынікам чаго былі тры распрацоўкі: “Нарыс разьвіцьця школьніцтва на Беласточчыне 1773—1939 гг.”, “Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе 1941—1944 гг.” і “Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасьляваенны пэрыяд”, — у якіх разглядалася стаўленьне і мерапрыемствы зьменлівых дзяржаўных уладаў па арганізацыі беларускіх школаў. Усё ж, нягледзячы на розныя цяжкасьці і мае сумневы, гэтыя працы зацікавілі выдаўцоў, аднак, на дзіва, не зь беларускага, але польскага боку. Першы артыкул надрукавала Беластоцкае навуковае таварыства ў беларускамоўным “Навуковым зборніку”, да якога кіраўніцтва БГКТ фактычна ня мела ніякога дачыненьня. Разгляд дзейнасьці школаў падчас нямецкай акупацыі, якая моцна палохала беларускіх дзеячаў у Беластоку, быў бязь цяжкасьцяў апублікаваны ў варшаўскім “Аглядзе гісторыі асьветы” (1976 г.), а апісаньне пасьляваенных пэрыпэтыяў гэтых школаў выдала асобнай брашурай Беластоцкая гарадзкая ўправа (1976 г.).

Па магчымасьці спрыяў і галоўны рэдактар “Нівы” Юрка Валкавыцкі, які зьмяшчаў мае нарысы першапраходчыкаў беларускай справы на Беласточчыне, палемічныя і іншыя артыкулы. На жаль, з увагі на невялікі аб’ём штотыднёвіка, рэдакцыя магла карыстацца толькі кароткімі тэкстамі. У гэтым пляне большыя магчымасьці давалі “Беларускія календары” БГКТ, аднак іх зьмест пільна кантраляваўся чыноўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў, што ўплывала на завостраную аўтацэнзуру рэдактараў. З гэтай прычыны зьмешчаны ў гэтым выданьні нарыс “Непакорная Вера” двойчы адкідаўся і быў надрукаваны толькі ў 1990 г., калі ўжо не было цэнзуры і нішто не пагражала рэдактару. Затое ў календары на 1978 г. неспадзявана прайшоў артыкул пра беларускую школу ў Варшаве, якая працавала падчас нямецкай акупацыі, галоўным чынам дзякуючы таму, як прыдачліва ў ім распавядалася пра сувязі двух яе пэдагогаў з польскім камуністычным падпольлем.

З паловы 1970–х гг. я заняўся вывучэньнем кнігавыдавецкай і палітычнай дзейнасьці Вацлава Іваноўскага — аднаго зь піянэраў беларускага нацыянальнага руху. На зацікаўленьне гэтым дзеячам паўплывалі перш за ўсё размовы з прафэсарам БДУ Сьцяпанам Александровічам, які бадай упершыню раскрыў мне яго ролю і значэньне ў працэсе змаганьня за дзяржаўнасьць Беларусі, за што абвінавачваўся ўладамі БССР ва ўсіх магчымых грахах і быў імі асуджаны на вечны нябыт у народнай памяці. Гэта інтрыгавала і будзіла жаданьне праверыць закіды супраць Іваноўскага. Пачаліся досьледы яго дзейнасьці ў Пецярбургу, Вільні, Варшаве і Менску — вывучаліся архіўная дакумэнтацыя, пэрыёдыкі, успаміны і рэляцыі сьведкаў, што дазволіла абгрунтаваць беспадстаўнасьць многіх хлусьлівых прыёмаў беларускіх савецкіх публіцыстаў.

Сабраная на працягу некалькіх гадоў дакумэнтацыя, праўда, дазваляла падрыхтаваць манаграфію аб жыцьці і дзейнасьці Вацлава Іваноўскага, аднак з увагі на стаўленьне да СССР яе публікацыя ў Польшчы ўяўлялася немагчымай. Таму давялося пайсьці альтэрнатыўным шляхам — апрацоўваць і публікаваць у навуковых пэрыёдыках паасобныя артыкулы, у якіх пад нэўтральнымі загалоўкамі разглядаліся асноўныя пытаньні яго дзейнасьці. Такім чынам, у 1980–х гг. у друку зьявіліся пяць грунтоўных распрацовак, якія без асаблівых цяжкасьцяў выкарыстоўваліся ў выданьнях Інстытуту гісторыі і Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, а таксама Беластоцкага навуковага таварыства. Першым быў артыкул “Беларускае пытаньне ў палітыцы лёнданскага лягеру”, у якім разглядалася дзейнасьць Вацлава Іваноўскага ў гады другой сусьветнай вайны на фоне польска–беларускіх судачыненьняў. Спрыяў гэтай справе і тагачасны дырэктар Інстытуту славістыкі прафэсар Васіль Белаказовіч, які ў інстытуцкіх выданьнях зьмясьціў тры артыкулы аб яго кнігавыдавецкай працы на пачатку ХХ ст.

Гэты альтэрнатыўны шлях аказаўся даволі ўдалым: пасьля вялікіх палітычных зьмен ва Ўсходняй Эўропе апублікаваныя раней распрацоўкі былі хутка дапоўненыя і склаліся ў даўно задуманую манаграфію “Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі”, выдадзеную ў 1992 г. Інстытутам гісторыі ПАН. Кніга выклікала жывое зацікаўленьне ў Польшчы і Беларусі, зьявіліся навуковыя рэцэнзіі, палемічныя агляды, асобныя яе разьдзелы перакладаліся і друкаваліся ў беларускіх часопісах “Нёман” (1992 г.), “Маладосць” (1994 г.) і “ARCHE” (1999 г.). Досьледы кнігавыдавецкага пытаньня працягваліся ў наступныя гады, а іх вынікам былі дзьве чарговыя працы: “Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы 1921—1939” і “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем 1939—1944”.

Пытаньні жыцьця ў гады нямецкай акупацыі цікавілі мяне, па сутнасьці, заўсёды, на што ўплывалі ўласныя назіраньні і дасьведчаньні ў Дукштах і Вільні. Вайна перш за ўсё прадухіліла далейшую дэпартацыю насельніцтва Літвы савецкімі ўладамі, і таму прыход немцаў успрымаўся з палёгкай. Хутка была створана літоўская адміністрацыя і самаахова, якая здолела даволі пасьпяхова забясьпечыць край перад разьвіцьцём савецкай партызаншчыны, і таму насельніцтва бадай не адчувала жорсткасьцяў партызанскай вайны. У той час я вучыўся ў пачатковай школе і гімназіі, не адчуваў фашысцкай ідэалягічнай індактрынацыі і ў сваім 12—15–гадовым узросьце амаль не цікавіўся вялікай палітыкай. Аб падзеях у Беларусі ведаў толькі тое, пра што паведамлялі ў віленскім штотыднёвіку “Беларускі Голас”.

11 ліпеня 1944 г. у Дукшты вярнулася Чырвоная Армія, і ў той самы дзень адбыўся мітынг насельніцтва, на якім савецкі афіцэр расказаў нам аб нашых цярпеньнях падчас нямецкай акупацыі. “Зьвесткі” афіцэра, які лепш за нас саміх ведаў нашае становішча, пачаткова выклікалі зьдзіўленьне і кпіны, аднак неўзабаве іх сталі паўтараць франтавыя газэткі, якія распаўсюджваліся салдатамі. Успомніўся савецкі анэкдот пра агітатара, які славіў нейкае зьдзяйсьненьне ў абласным горадзе і на заўвагу аднаго з прысутных, што нічога падобнага той там ня бачыў, адказаў: “Ты лучше по городам не шляйся, а газеты читай!” Але трактоўка акупацыі была не да сьмеху. Загадзя былі падрыхтаваныя прапагандысцкія тэзы, якія неўзабаве сталі абавязковымі для дасьледчыкаў акупацыі. Іх нязгодныя выказваньні маглі трактавацца як прапаганда фашызму, высоўвацца зь імі было рызыкоўна.

Бадай найбольш жорсткія прынцыпы асьвятленьня пытаньняў акупацыі былі ўстаноўленыя ў Беларусі. Спатрэбілася нават прынятая ў лютым 1945 г. спэцыяльная рэзалюцыя ЦК КПБ аб перавыхаваньні грамадзтва ў духу савецкага патрыятызму і нянавісьці да нямецкіх акупантаў, якіх у той час ужо не было на беларускай зямлі. Згодна з такімі патрабаваньнямі, беларускія савецкія гісторыкі, публіцысты, пісьменьнікі і мастакі судзейнічалі стварэньню і пашырэньню мітаў аб гераічнай барацьбе народу зь нямецкімі захопнікамі, шальмавалі беларускіх палітычных дзеячаў, якія імкнуліся выкарыстаць умовы акупацыі для ўмацаваньня нацыянальных сілаў і іх падрыхтоўкі да змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць краіны. Замоўчвалася або фальсыфікавалася дзейнасьць беларускага школьніцтва, праца ўстановаў культуры, выдавецтваў, Саюзу беларускай моладзі. Выключную нянавісьць выклікаў галоўны рэжысэр гэтых мерапрыемстваў генэральны камісар Вільгельм Кубэ, якому прапагандысты надалі эпітэт “ката беларускага народу” і губляліся ў сваіх здагадках, колькі мільёнаў беларусаў імкнуўся ён зьнішчыць.

Прапагандысцкія прыёмы ня толькі выключалі магчымасьць альтэрнатыўных досьледаў, але таксама ўзбуджалі пачуцьцё небясьпекі і страху сярод патэнцыйных невыгодных сьведкаў. Таму ім лепш было нічога ня ведаць, маўчаць, каб ня быць западозранымі ў калябарацыянізьме. З такім стаўленьнем я сутыкнуўся падчас падрыхтоўкі працаў аб беларускіх школах, якія ў гады нямецкай акупацыі існавалі на Беласточчыне і ў Варшаве, — цяжка было ад іх настаўнікаў атрымаць неабходную інфармацыю. Маючы за сабой літоўскі досьвед, я проста не разумеў, у чым прычына такога стаўленьня. Калі восеньню 1944 г., г. зн. ужо ў савецкай Літве, вярнуўся ў сваю гімназію, вучылі нас пераважна тыя самыя настаўнікі, што і падчас акупацыі. Ніхто іх за гэта не рэпрэсаваў, а тагачасны прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Тадас Іванаўскас, дарэчы, брат Вацлава Іваноўскага, у 1946 г. атрымаў нават мэдаль “За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны” за тое, што ў той цяжкі час рупіўся аб адукацыі літоўскай моладзі. А беларускія пэдагогі за тое самае гібелі ў савецкіх турмах і лягерах.

Літоўскі досьвед і звычайная лёгіка пераконвалі, што пытаньні нямецкай акупацыі можна разглядаць ня толькі праз прызму інтарэсаў Масквы, Бэрліна і Варшавы, але перш за ўсё з гледзішча беларускага нацыянальнага інтарэсу. Такое палажэньне адлюстроўвалі мае працы аб дзейнасьці Вацлава Іваноўскага, але, шырэйшы паглыблены экскурс у акупацыю адбыўся не па маёй ініцыятыве. У 1982 г. прафэсар Пётар Ласоўскі з Інстытуту гісторыі ПАН пасьля азнаямленьня з маёй працай “Беларускае пытаньне ў палітыцы лёнданскага лягеру” прапанаваў мне падрыхтаваць доктарскую дысэртацыю аб асноўных пытаньнях акупацыі ў Беларусі. Я згадзіўся: некалькі гадоў працаваў у архівах, бібліятэках, ліставаўся з удзельнікамі і сьведкамі тагачасных падзеяў. Пасьля пасьпяховай абароны дысэртацыі ў 1986 г. даволі хутка надышлі выдавецкія прапановы. Кніга пад загалоўкам “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” мела два выданьні ў Польшчы (1989 і 1993 гг.) і адно ў Беларусі ў перакладзе Валерыі Ждановіч (1993 г.), а яе часопісны варыянт у перакладзе Ўладзімера Панады яшчэ ў 1991 г. надрукавала “Чырвоная Зьмена”.

Кніга карысталася значным посьпехам, хутка зьнікала з польскіх і беларускіх кнігарняў, нават прадавалася па спэкуляцыйных цэнах, аднак новая трактоўка акупацыйнай гісторыі прыйшлася недаспадобы беларускім уладам і афіцыйным гісторыкам, стрымана паставіліся да яе і беларускія эмігранцкія публіцысты. Праўда, ніхто зь іх не аспрэчыў прыведзеных дакумэнтаваных фактаў, аднак, відаць, ім было выгадней трымацца ранейшых прыгожых мітаў.

Што ж, гісторыя быццам нічога не перадвызначае, але спрыяе мысьленьню, пошукам аптымальных рашэньняў на будучыню і, такім чынам, датыкае палітыкі. Аднак у сутыкненьні з палітыкай яна часта бясьсільная. Камэнтуючы ў лістападзе 1993 г. выпуск кнігі “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, тагачасны прэм’ер ураду Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч заявіў: “Гісторыя сказала сваё слова”, — маўляў, яе перагляд непатрэбны.

Юры Туронак
Admin
Адміністратар
 
Паведамленняў: 30
Зарэгістраваны: 10 ліп 2008, 00:08

Вярнуцца ў Рэцэнзіі

Хто зараз на канферэнцыі

Зараз гэты форум праглядаюць: няма зарэгістраваных карыстальнікаў і 1 госць

cron