|
Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с.: іл., цьвёрд. вокл.
У Менску, моцна разбураным у гады ІІ сусьветнай вайны, у адрозьненьне ад большасьці старадаўніх гарадоў, амаль не зьбераглося куточкаў — сьведкаў яго шматвяковай гісторыі. Аўтар паспрабаваў узнавіць вобраз гораду канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, грунтуючыся на архіўных дакумэнтах, пэрыядычных і іншых тагачасных выданьняў. У кнізе малююцца разнастайныя вобразы гораду, сацыяльныя партрэты менчукоў, зьмешчаныя зьвесткі пра гарадзкое асяродзьдзе, аб узроўні гарадзкой культуры і сацыяльным забесьпячэньні. Шмат увагі надаецца старым адрасам, якія дапамагаюць зьвязаць мінуўшчыну з сучаснасьцю.
Шаноўнае спадарства!
Калі...
- вы жывяцё ў Менску
- вы цікавіцеся гісторыяй Менску
- вы падазраяце, што будаўніцтва Менску распачалося не з 3 ліпеня 1944 году
...то магчыма, вам захочацца набыць новую кнігу, створаную адным зь вядучых дасьледчыкаў гісторыі гарадоў Беларусі (у асаблівасьці Менску) XIX—XX стагодзьдзяў – Захарам Шыбекам.
Даведка: Захар Васілевіч Шыбека – беларускі гісторык, прафэсар.
У 1972 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у 1977 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1998-м – доктарскую. У 2003-м атрымаў годнасьць прафэсара.
Дасьледуе Менск другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., гарады Беларусі 1861—1904 гг., беларускі нацыянальны рух ХІХ—ХХ стст.
Мае больш за 200 навуковых публікацыяў. Праца па гісторыі Беларусі ХІХ–ХХ стст. адзначаная прэміяй польскага часопісу "Przegląd Wschodni" за 2001 г. і прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Центру 2003 г.
Сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускага гістарычнага таварыства.
Гэтай працы папярэднічалі два выданьні:
- Минск: Страницы дореволюционного города (1990)
- Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада (1994) – наклад 15 000 асобнікаў!
Новае выданьне, паводле словаў аўтара, было перапрацаванае на 30 адсоткаў і выправіла асобныя памылкі папярэдніх.
Як можна зразумець з назвы, кніга распавядае пра Менск канца XIX, пачатку XX стст. Матэрыял падзелены на дзьве часткі:
I. З АРХІВА МІНСКАГА ЖЫЦЦЯ
1. Візітная картка горада
2. Гараджане
3. Іншыя прадстаўнікі гарадскіх "вярхоў"
4. Гарадское асяроддзе
5. Ахова здароўя і адукацыя
6. Вітрына грамадскага жыцця
II. СТАРЫЯ МІНСКІЯ АДРАСЫ
1. Культавыя будынкі
2. Дзяржаўныя ўстановы
3. Прамысловыя прадпрыемствы
4. Пазыковыя ўстановы
5. ...
У канцы кнігі пададзеная вялікая табліца адпаведнасьцяў назваў вуліцаў 1911-га да назваў вуліцаў 2007 г.
Чытаючы кнігу, вы давадаецеся:
- хто такі граф Чапскі – ці гэта рэальны чалавек, ці проста гатунак піва. А калі рэальны чалавек, ці быў ён хаця б аматарам піва.
- дзе была аб’яўленая БНР у 1918 г. і які сучасны адрас мае той дом (ці захаваўся ўвогуле ён дагэтуль).
- на падмурках якога культавага будынку стаіць сучасны Палац Рэспублікі.
- ці на сваім гістарычным месцы паўстаў нядаўна адбудаваны "пяцізоркавы" гатэль "Эўропа".
- і шмат-шмат-шмат чаго іншага!!!
Кніга надрукаваная на якаснай белай паперы, цьвёрдая вокладка, зьмяшчае некалькі сотняў фатаздымкаў даўнейшага часу.
Прыемнага чытаньня!
|